Тэма “Зямля Беларусі”
(гульня – падарожжа для вучняў пачатковых класаў)
Падрыхтавала Галянкова Ларыса Аляксееўна
Мэта: выхоўваць у вучняў любоў да роднай зямлі, свайго народа, пашыраць веды вучняў пра культуру, традыцыі беларусаў.
Ход мерапрыемства
Зямля Беларусі!
Бары і дубровы.
Жытнёвае поле,
Шаўковы мурог.
У промнях рабіны
Заход вечаровы,
Што клёкат буслоў –
Ручаёў пералівы,
І ў шумных прысадах
Стужкі дарог.
П.Броўка
1.Уступ. Добры дзень, паважаныя сябры! Я рада вітаць вас на сённяшнім мерапрыемстве. І запрашаю вас у падарожжа па краіне.Гэтае падарожжа будзе незвычайным. Вам спатрэбяцца вашы веды, ваша эрудыцыя. Прачытайце эпіграф да нашага мерапрыемства і даведаецеся пра якую краіну пойдзе размова.
Беларусь – якое мілагучнае і прыгожае слова. Яно роднае для кожнага беларуса. Пачнем наша падарожжа з віктарыны “Беларусь на карце Еўропы” (работа па карце).
Настаўнік.А што вы ведаеце пра нашу мову? Як вы адносіцеся да яе?
(Падрыхтаваныя вучні чытаюць вершы пра мову)
Вучань:
Я нарадзіўся беларусам,
Беларусам буду жыць!
Мову родную вучу я
Шанаваць, цаніць, любіць!
Вучаніца:
Сваю родную старонку
Я люблю, як і бацькоў,
Што вучылі песні звонкай,
Прывівалі мне любоў.
Вучань:
І да мовы, да дубровы,
Да палёў і да лугоў,
І заўсёды да народа,
Што жыве тут ад вякоў.
Вучань:
Я клянуся: не зракуся
Сваё роднае любіць.
Быў і буду беларусам,
Покуль толькі буду жыць.
Настаўнік. Далей мы працягваем наша падарожжа па вуснай народнай творчасці. Усе мы ведаем, што наш народ вельмі таленавіты. Давайце нагадаем, якія жанры фальклору вы ведаеце. Давайце з вамі праверым, якія вы кемлівыя і знаходлівыя.
(Даецца заданне 3 вучням: з раскіданых слоў сабраць прыказку і растлумачыць іх сэнс. Хто першым складзе, той перамог)
Сваім, у, як, краі, раі, у.
Дома, усюды, а, лепей, добра.
Як, смачнейшае, роднае, няма, вадзіцы, з, крыніцы.
Настаўнік. Усе дзеці любяць загадкі, бо яны дапамагаюць развіваць наша мысленне. Перад тым, як вы прыступіце да наступнага задання, давайце з вамі правядзем размінку.
З хаты ў хату водзіць, а сама не заходзіць (дарога)
Корміць, корміць, а сама есці не просіць. (зямля)
Што бяжыць без повада? (вада)
Што чорна не чэрнячы? (варона)
Выляцела 12 галубоў, села на 50 дубоў, знеслі па 30 яек, кожнаму адно яйцо.(12 месяцаў, 50 тыдняў, 30 дзён)
(Выклікаюцца 2 вучні, якія па чарзе называюць беларускія народныя святы, перамагае той, хто болей назаве свят)
Настаўнік. Нашы продкі не толькі добра працавалі, але ўмелі яшчэ добра адпачнуць. У залежнасці ад гадавога цыклу, святы былі зімовымі, вясновымі, летнімі і восеньскімі. Да зімовага цыклу належылі такія святы, як Каляды, Грамніцы. Раскажыце, што вы ведаеце пра Каляды? Наступны – вясновы цыкл – Гуканне вясны, Саракі, Вялікдзень, Радаўніца, Сёмуха. Да летняга цыклу адносіцца Купалле, а да восеньскага – Пакровы, Дзяды. А якія святы святкуюць вашы бацькі?
А зараз нагадаем нашу беларускую нацыянальную кухню. Усе ў свеце ведаюць, што наш народ вельмі гасцінны, добразычлівы.
(2 вучні з заплюшчанымі вачыма па чарзе дастаюць з мяшэчка гародніну, адгадваюць яе. Потым называюць беларускія стравы, ў якіх гэтая гародніна выкарыстоўваецца.)
Настаўнік. Беларуская кухня спачатку фарміравалася на вегатарыянскіх стравах –збожжы, бабоў, гародніны, насення лёну, грыбоў, ягад, мёду, садавіны. Як бачым, нашы продкі вялі здаровы вобраз жыцця. Распаўсюджаны такія беларускія стравы, якбабка, дранікі, калдуны, клёцкі, бліны, халаднік.
А зараз правядзем гульню, якая называецца “Скажы па-беларуску”
( Вучні становяцца ў круг. У цэнтры круга знаходзіцца вядучы, які трымае ў руках карткі з напісанымі па-руску словамі. Вядучы падыходзіць да выбранага гульца і прапануе узяць на выбар картку з напісаным словам. Гульцу трэба перакласці слова на беларускую мову. Калі гулец не справіўся з заданнем, пакідае гульню. Гульня працягваецца да таго часу, пакуль не застанецца адзін гулец)
Словы: государство, наследие, время, век, история, будущее, Отчизна, гостеприимство, здороваться, праздновать, президент, общество, патриот.
Настаўнік. Вось і скончылася наша падарожжа. Мы з вамі шмат чаго нагадалі з культурнай спадчыны беларусаў. Хочацца, каб вы як мага больш цікавіліся гісторыяй Радзімы, не забывалі пра тое, што вы таксама частачка яе. І ад вас залежыць, якое будучае будзе ў нашай краіне. Напрыканцы, кожны з вас хай завяршыць гэтае мерапрыемства фразай “ Я люблю сваю зямлю…”